Аляксандр Казлянка, былы анархіст-вязень з Беларусі, падзяліўся з намі сваімі думкамі пра салідарнасць і турэмную сістэму:
Хронікі пераследу салідарнасці ў адной краіне
Можна бясконца разважаць ці важнае і неабходнае значэнне мае салідарнасць. Але гэта будзе не больш чым тэорыя аб прыгожым, абстрактным слове-паняцці. Толькі пры пераходзе ад тэорыіі да практыкі яно перастае быць такім. Калі ўплятаецца ў саму канву жыцця, робячыся неад’емнай часткай рэчаіснасці.
Знаходзячыся пяць гадоў у няволі (я буду казаць пра салідарнасць толькі ў гэтым кірунку, бо яна у час пратэстаў і пазней прымала вельмі розныя формы ў даволі розных сферах) неаднаразова з’яўляўся сведкам масавай салідарнасці, што ў далейшым магло правесці жыхароў краіны па шляху ад атамізаваных абывацеляў да свядомай грамадзянскай супольнасці, чаго па аб’ектыўным прычынам не адбылося. Калі мяне змясцілі ў СІЗА (сакавік 2021 года) у камеры з дванаццаці чалавек амаль палова былі палітвязні. Нам усім некалькі разоў на тыдзень перадавалі прадуктовыя перадачы незнаёмыя людзі. У ліпені 2021 года улада пачала масава саджаць такіх людзей, пазбавіўшы нас харчовай дапамогі. Акрамя яе існавалі яшчэ розныя формы: ліставанне, якое служыла вялікай псіхалагічнай падтрымкай зняволеным і грашовыя пераводы, каб мы маглі набыць сабе штосьці ў турэмнай краме. У красавіку 2022 года забаранілі перадачу палітзняволеным лістоў не ад сваякоў. Сувязь са знешнім светам магчыма стала падтрымліваць толькі з невялікай колькасцю блізкіх. Частке палітычных нават ў гэтым робяць абмежаванні, не прапускаючы большасць альбо ўсе лісты з дому. Ну, а ў пачатку 2024 года прышла чарга людзей, якія пераводзілі грошы. У лагеры я быў сведкам ва ўсіх сэнсах, калі прыязджалі следчыя і пазвалі з тузін палітычных, у тым ліку мяне, на допыт. Пытанні былі: “Ведаеце ці не хто вам пераводзіў грошы?” На што атрымлівалі адказы: “Не ведаю, не памятаю.” Сярод тых, на каго завялі крымінальныя справы, большасць знаходзілася ў сталым узросце, за шэсцьдзесят гадоў. І ўсе гэтыя пенсіянеры атрымалі рэальныя турэмныя срокі, што не застанавіла такую форму салідарнасці. У лагеры з гэтай нагоды адбываліся нечаканыя сустрэчы. Адна жанчына сядзела за грашовыя пераводы палітычным, а іншая за тое, што фінансава падтрымлівала ўжо гэту жанчыну, калі яе пасадзілі (spring96.org/be/news/120652).
Не гледзячы, што на масавую салідарнасць аўтарытарны рэжым абрынуў масавыя рэпрэсіі, яна нікуды не падзелася. Хоць захавалася ў асноўным у менш бачных формах: падтрымка сваякоў палітзняволеных добрымі словамі, грашыма, юрыдычнымі і іншымі падказкамі. Нават звычайная падказка як і што сабраць блізкаму чалавеку ў СІЗА вялікая справа, бо такой інфармацыі з афіцыйных дзяржаўных крыніц амаль не атрымаць, а абмежаванняў шмат, што ператварае перадачу рэчаў у СІЗА і далей у лагер, у сапраўдны непрыемны квест.
Падсумоўваючы вышэйнапісанае. Салідарнасць з’яўляецца неад’емным памкненнем людзей, якія бачаць вакол сябе несправядлівасць. Яна адбываецца не па указцы зверху, а нават насуперак жаданням улады. Яна існуе і ў атамізаваных супольнасцях, што немагчыма без нейкай схільнасці да яе на эвалюцыйным, біялагічным узроўні.
